2 лютага – Свята Ахвяравання Пана


Свята Ахвяравання Пана традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі. У гэты дзень у літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету (гл. Лк 2, 22-39). Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго (пар. Мц 5, 17). 
Гэтае свята, вядомае яшчэ з хрысціянскай старажытнасці, заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова з’яўляецца і святам Пана, і адным з найбольш папулярных марыйных святаў. Ва ўсходняй традыцыі яно называецца «Стрэчаннем», бо ў дзень, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні.
У свята Ахвяравання Пана ва ўсіх касцёлах Беларусі праходзяць святочныя набажэнствы. На пачатку святой Імшы адбываюцца працэсіі са свечкамі, падчас якіх спяваецца песня Сімяона: «Цяпер па слову Твайму, Пане, адпускаеш слугу Твайго
ў супакоі. Бо вочы мае ўбачылі Тваё збаўленне, якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў. Святло на асвятленне паганаў і славу народа Твайго, Ізраэля».
ЗАКЛІК

Ант. Праслаўляйма Пана і Валадара / Які прыходзіць да сваёй святыні.
Псальм 67
Няхай Бог змілуецца над намі і благаславіць нас, *
няхай заззяе аблічча Яго над намі,
каб на зямлі мы спазналі Ягоную дарогу, *
між усімі народамі Яго збаўленне.

Ант. Праслаўляйма Пана і Валадара / Які прыходзіць да сваёй святыні.

Няхай славяць Цябе народы, Божа, *
няхай славяць Цябе народы ўсе.
Няхай весяляцца *
і радуюцца ўсе плямёны,
бо Ты судзіш народы паводле праўды *
і плямёнамі на зямлі кіруеш.

Ант. Праслаўляйма Пана і Валадара / Які прыходзіць да сваёй святыні.

Няхай славяць Цябе народы, Божа, *
няхай славяць Цябе народы ўсе.
Зямля прынесла свой плён; *
Няхай Бог, наш Бог нас благаслаўляе.
Няхай Бог нас благаслаўляе, *
няхай баяцца Яго ўсе межы зямлі.

Ант. Праслаўляйма Пана і Валадара / Які прыходзіць да сваёй святыні.

Хвала Айцу і Сыну
 і Духу Святому,
 Як была спрадвеку цяпер і заўсёды
 і на векі вечныя. Амэн

Ант. Праслаўляйма Пана і Валадара / Які прыходзіць да сваёй святыні.

Малітва
семагутны вечны Божа, Твой адзінародны Сын, які прыняў нашу чалавечую натуру, быў у гэты дзень ахвяраваны ў святыні, † пакорна Цябе просім, * учыні, каб мы маглі з чыстымі сэрцамі стаць перад Тваім абліччам. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, † які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, * Бог, праз усе вякі вечныя.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.