К.: Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Усе: Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому,
як была спрадвеку, цяпер і заўсёды і на вякі вечныя. Амэн. Аллелюя.
(Падчас Вялікага посту Аллелюя не гаворыцца)
Рахунак сумлення і акт пакаяння
І форма акту пакаяння:
Пасля хвіліны цішыні ўсе разам чыняць пакаянне:
Спавядаюся Богу ўсемагутнаму * і табе, браце, * што зграшыў я вельмі * думкаю, словам, учынкам і занядбаннем,
удараючы сябе ў грудзі, гавораць:
мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна.
Далей працягваюць:
Таму прашу Найсвяцейшую, заўсёды Панну Марыю, * усіх Анёлаў і святых, * і цябе, браце, памаліцца за мяне * да Пана Бога нашага.
Кіраўнік просіць аб адпушчэнні грахоў:
С: Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны * і, адпусціўшы нам грахі, * давядзе нас да жыцця вечнага. Усе: Амэн.
ІІ форма акту пакаяння:
кіраўнік гаворыць:
С: Змілуйся над намі, Пане.
Усе: Бо зграшылі мы супраць Цябе.
С: Акажы нам, Пане, Тваю міласэрнасць.
Усе: І дай нам Тваё збаўленне.
Кіраўнік просіць аб адпушчэнні грахоў:
С: Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны * і, адпусціўшы нам грахі, * давядзе нас да жыцця вечнага. Усе: Амэн.
ІІІ форма акту пакаяння:
Кіраўнік ці вызначаны прадстаўнік супольнасці чытае наступны альбо падобны заклік, скіраваны да Хрыста, які заканчваецца словамі: Пане, змілуйся над намі.
С.: Пане, Ты пасланы аздаравіць скрушаных сэрцам, змілуйся над намі.
Усе: Пане, змілуйся над намі.
С.: Хрыстэ, Ты прыйшоў паклікаць грэшнікаў, змілуйся над намі.
Усе: Хрыстэ, змілуйся над намі.
К.: Пане, Ты сядзіш праваруч Айца, каб заступацца за нас, змілуйся над намі.
Усе: Пане, змілуйся над намі.
Кіраўнік просіць аб адпушчэнні грахоў:
С: Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны * і, адпусціўшы нам грахі, * давядзе нас да жыцця вечнага. Усе: Амэн.
Гімн
І тыдзень псалтыра
1 Ужо знікае дзённае святло.
Цябе мы просім, міласэрны Божа,
Твая апека няхай з намі будзе
І захавае ў Тваёй любові.
2 Хай сэрца наша, стомленае працай,
заўсёды, Пане, пры Табе чувае,
а калі новы дзень настане,
зноў з радасцю хай Бога праслаўляе.
3 Хай цела набірае сілаў,
А дух Табе ў адданасці ўзрастае.
Святлом сваім Ты напаўняй нас, Божа,
У цемры ночы.
4 Дапамажы нам, наш найлепшы Ойча,
Праз Твайго Сына, Пана Уцелаўлення,
Які з Табою ў адзінстве Духа
Над усёй зямлёй у хвале валадарыць. Амэн.
ІІ тыдзень псалтыра
1 Хрыстэ, Ты – дзень, поўны бляску,
Знішчаеш цемру начную,
У Табе пачатак святла ёсць
Яго Ты дорыш абраным.
2 Таму Цябе вельмі просім,
Абарані нас ад злога,
І адары нас спакоем,
І сілы новыя дай нам.
3 Калі ўжо сон нас атуліць,
Хай сэрцам будзем з Табою.
А слугаў, што Цябе любяць,
Ты захавай сваёй моцай.
4 Узглянь, наш Божа і Пане,
І беражы нас ад згубы
І аддалі ўсе спакусы,
Бо нас праз кроў сваю збавіў.
5 Хрыстэ, лагодны наш Пане,
Хвалу Табе мы ўзносім,
Айцу і Духу таксама
Чэсць і хвала няхай будзе. Амэн.
ІІІ тыдзень псалтыра
1 А як дзень ужо мінае,
Кожны з нас не забывае
Чэсць аддаць з падзякай Богу
За прабыту ўдзень дарогу.
2 Усе нашы дзённы справы
Прымі міла, Божа правы,
Пакіруй нам на збаўленне,
А на Тваё выслаўленне.
3 А калі паснем у ночы,
Май над намі Твае вочы,
Сцеражы ад злой прыгоды,
Барані ад кожнай шкоды.
4 Хай здаровы са сну ўстанем
і служыць Табе зноў станем:
душой, сэрцам, як хто можа,
працай на Тваю чэсць, Божа!
5 Барані нас ад зграшэння,
каб не страцілі збаўлення,
Але неба ўсе дасталі –
Цябе вечна выхвалялі.
IV тыдзень псалтыра
1 Прыйдзі, о Пане, бо ноч наступае,
Бляск сонца знікае на небе;
Ты – Сонца, што свеціць і не згасае
Для ўсіх Тваіх верных.
2 Твая прысутнасць для нас няхай стане
Бяспечным портам і месцам спачынку;
Напоўні сэрцы спакоем і цішай,
Найлепшы Ойча.
3 Будзь з намі таксама ў апошнюю хвілю,
Калі ўжо дачэснасць нябачнаю стане,
Вазьмі за руку і вядзі нас у дом Твой,
што вечна трывае.
4 Стварыцель і Божа, усяго, што жывое,
Прымі нашы просьбы і гімны,
што славяць Цябе, Усемагутны наш Божа
У Тройцы Адзінай і Вечнай. Амэн.
Псальмодыя
Ант. Цела маё будзе * спачываць бяспечна.
Псальм 16
Пан – частка спадчыны маёй
Бог уваскрасіў Езуса, вызваліўшы ад мукаў смерці (Дз 2, 24)
Захавай мяне, Божа, бо на Цябе спадзяюся, †
Сказаў я Пану: Ты – мой Пан, *
няма ў мяне ніякага дабра, апроч Цябе.
Да святых, што на Яго зямлі, *
учыніў вялікім усё ўпадабанне маё да іх.
Тыя, хто ідзе за чужымі багамі, *
памнажаюць свае цярпенні.
Я не буду ліць іхніх крывавых ахвяраў, *
іх імёнаў не вымавяць мае вусны.
Пан – частка спадчыны маёй і келіха майго, *
Ён лёс мой трымае.
Шнуры адмерылі мне шчодры надзел, *
і мая спадчына мне вельмі даспадобы.
Благаслаўляю Пана, які дае мне параду, *
бо і ноччу вучыць мяне маё сэрца.
Пана я маю заўсёды перад вачыма, *
Ён праваруч мяне, і я не пахіснуся.
Таму радуецца маё сэрца і весяліцца душа, *
і цела маё будзе спачываць бяспечна,
бо не пакінеш душы маёй у адхлані *
і не дасі святому Твайму ўбачыць тленне.
Ты дарогу жыцця мне пакажаш, †
паўнату радасці перад Табою, *
вечнае шчасце праваруч Цябе.
Ант. Цела маё будзе * спачываць бяспечна.
Чытанне 1 Тэс, 5, 23.
Хай жа Сам Бог супакою ўсвячае вас ва ўсім, каб дух ваш, і душа, і цела захаваліся беззаганнымі на прыход Пана нашага Езуса Хрыста.
Рэспансорый
К.: У рукі Твае, Пане, * Аддаю я дух мой. Усе: У рукі Твае. К.: Ты нас адкупіў, Пане Божа верны. Усе: Я аддаю. К.: Хвала Айцу. Усе: У рукі Твае.
Песня з Евангелля
Ант. Захавай нас, Пане, калі чуваем, * беражы нас падчас сну, * каб мы чувалі разам з Хрыстом / і адпачывалі ў супакоі.
Песня Сімяона Лк 2, 29-32
Хрыстус – святло народаў
Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, *
па слову Твайму, з мірам;
Бо бачылі вочы мае збаўленне Тваё, *
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў.
Святло для асвячэння язычнікаў, *
і хвалу народу Твайго Ізраэля.
Ант. Захавай нас, Пане, калі чуваем, * беражы нас падчас сну, * каб мы чувалі разам з Хрыстом / і адпачывалі ў супакоі.
Малітва на заканчэнне
Пане, наш Божа, † дай нам спакойны сон і аднаві нашыя сілы, вычарпаныя штодзённай працай, * каб узмоцненыя Табою, мы служылі Табе целам і душою. Праз Хрыста, Пана нашга. Амэн.
Ноч спакойную і смерць шчаслівую няхай дасць нам Бог Усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы. Усе: Амэн.
Антыфоны на заканчэнне да Найсвяцейшай Панны Марыі
Вітай, неба Уладарка,
Вітай, Панна Анёлаў,
Вітай, Ружа і Брама;
Яснасць свету дала Ты.
Цешся, Панна хвалебная,
Па-над усё прыгажэйшая,
Вітай, Маці нябесная;
Заступіся за нас Ты.
альбо
Вiтай, Зорка мора,
Маці Хрыста-Бога,
Панна найчысцейша,
Верным дапамога.
Ты, што прывітана
Словам Габрыэля,
Умацуй нас ў веры,
Ўсім спашлі надзею.
Вызваль з путаў грэху,
Аддалі нядолю
І напоўні сэрцы
Нашы супакоем.
І прасі, о Панна,
Ты за нас Езуса,
Каб мы захаваны
Былі ад спакусаў.
Маці ласкі Божай,
Будзь для нас узорам —
Вызваленым з грэху,
Дай жыць у пакоры.
Памажы, Марыя,
Нам знайсці дарогу,
Што вядзе да Неба,
Да яднання з Богам.
альбо
Вітай, Каралева, Маці міласэрнасці, жыццё, асалода і надзея нашая, вітай! Да Цябе звяртаемся мы, выгнанцы, дзеці Евы. Да Цябе ўздыхаем, стогнучы і плачучы ў гэтай слёз даліне. Дык звярні ж на нас, Заступніца нашая, Твае міласэрныя вочы. І Езуса, благаславёны плод улоння Твайго, з’яві нам пасля выгнання гэтага. О ласкавая, о наймілейшая Панна Марыя.
альбо
Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. І ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная і благаслаўлёная.
О Пані наша, Апякунка наша, Суцяшальніца наша, Ты Заступніца наша,
з Сынам Сваім нас паяднай, Сыну Свайму нас даручай, Сыну Свайму нас аддавай.
з Сынам Сваім нас паяднай, Сыну Свайму нас даручай, Сыну Свайму нас аддавай.
У Пасхальны перыяд
Каралева неба, радуйся, аллелюя,
бо Той, каго Ты заслужыла насіць, аллелюя,
змёртвыхпаўстаў, як і сказаў, аллелюя.
Малі за нас Бога, аллелюя.
апрацавана на падставе:
Брэвіярый семінарыйны, Мінск 2001.
Камплета, Ольштын 2009.
Брэвіярый семінарыйны, Мінск 2001.
Камплета, Ольштын 2009.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.