ЗАКЛІК
ант. Хрыстос нарадзіўся, * услаўляем Уцелаўлёнае Слова.
Псальм 95
Прыйдзіце, радасна спяваць будзем Пану, *
Узнясём вокліч да Скалы нашага збаўлення.
Станем перад абліччам Яго з праслаўленнем,*
Весела спявайма Яму песні.
ант. Хрыстос нарадзіўся, * услаўляем Уцелаўлёнае Слова.
Бо Пан – Бог вялікі, *
Вялікі Кароль над усімі багамі.
У Яго руках глыбіны зямлі, *
Вяршыні гор да Яго прыналежаць.
Уласнасць Яго – мора, якое сам стварыў, *
І зямля, якую зляпілі Яго рукі.
ант. Хрыстос нарадзіўся, * услаўляем Уцелаўлёнае Слова.
Прыйдзіце, праславім Яго ўпаўшы на твар, *
Укленчым перад Панам, Які нас стварыў.
Бо Ён – наш Бог, †
А мы – народ Ягоны, авечкі ў Яго руцэ.
ант. Хрыстос нарадзіўся, * услаўляем Уцелаўлёнае Слова.
Каб мы сёння пачулі Ягоны голас:
Няхай не ствярднеюць вашыя сэрцы як ў Мерыбе, *
Як на пустыні ў дзень Масса,
Калі спакушалі Мяне вашыя бацькі, *
Дасведчылі Мяне, хоць бачылі мае справы.
ант. Хрыстос нарадзіўся, * услаўляем Уцелаўлёнае Слова.
Праз сорак гадоў гэтае пакаленне ўзбуджала ўва Мне агіду, †
І сказаў Я: “Вось народ са згубленым сэрцам *
Не ведае маіх сцежак.”
І прысягнуў Я ў гневе, *
Што не ўвойдуць у краіну майго спачынку.
ант. Хрыстос нарадзіўся, * услаўляем Уцелаўлёнае Слова.
Хвала Айцу і Сыну
і Духу Святому,
Як была спрадвеку цяпер і заўсёды
і на векі вечныя. Амэн
ант. Хрыстос нарадзіўся, * услаўляем Уцелаўлёнае Слова.
Малітва
Божа, усемагутны і нябачны, прыходам Езуса Хрыста — сапраўднага святла — Ты рассеяў цемру гэтага свету, † літасціва ўзглянь на нас * і дай, каб мы годна праслаўлялі Нараджэнне Твайго Сына. Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, * Бог, праз усе вякі вечныя.
НЕШПАРЫ
Уступ:
Божа, прыйдзі мне на дапамогу,
Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому,
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды
І на вякі вечныя. Амэн. Аллелюя
Гімн
1 Хрысце, збаўленне чалавецтва
І Сын айца Ты Адзіны,
Цябе нарадзіў Ён цудоўна
Перад дзеяў пачаткам.
2 Ты – хвалы Ягонай бляск,
Вечная свету надзея,
Пачуй Ты нашыя просьбы
З усіх куточкаў зямлі!
3 Успомні, што калісьці прыняў Ты
Смяротную постаць людзкую,
Нарадзіўся ты з чыстага ўлоння
Беззаганнае Дзевы.
4 Дзень, які вяртаецца да нас
Праз года сталае паўтарэнне,
Сведчыць, што са сталіцы Айца
Прыйшоў Ты, каб выратаваць нас.
5 Неба, зямля і моры,
І ўсё, што знаходзіцца ў іх,
Айца радасна праслаўляе
Бо на зямлю паслаў Сына.
6 І мы, якіх Ты, о Пане,
Абмыў сваёю крывёю
Новым гімнам Цябе праслаўляем
У гадавіну Твайго нараджэння.
7 Езус, народжаны з Дзевы,
Няхай Табе з Айцом і Духам,
Аддасць усё стварэнне
пашану і славу без межаў. Амэн.
Псальмодыя
1 ант. Пры Табе валадаранне у дзень Твайго трыумфа, * у бляску святасці / з улоння заранкі Цябе нарадзіў Я як расу.
Псальм 110, 1-5. 7
Месія – Валадар і Святар
Трэба было, каб Ён валадарыў, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі свае (1 Кар 15, 25)
Пан сказаў майму Пану: *
Сядай праваруч Мяне,
пакуль не пакладу ворагаў Тваіх *
да падножжа Твайго.
Жазло сілы Тваёй *
спашле Пан з Сіёна:
будзеш валадарыць *
сярод ворагаў Тваіх.
З Табою панаванне ў дзень тваёй моцы, †
у бляску святасці, *
з улоння перад світаннем нарадзіў Цябе.
Пан прысягнуў і не пашкадуе: *
Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка.
Пан праваруч Цябе, *
разаб’е каралёў у дзень гневу свайго.
Па дарозе нап’ецца з патоку, *
таму падыме галаву.
ант. Пры Табе валадаранне у дзень Твайго трыумфа, * у бляску святасці / з улоння заранкі Цябе нарадзіў Я як расу.
2 ант. У Пана ласка * у Яго плённае адкупленне.
Псальм 130
З глыбіні я клічу
Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў (Мц 1, 21)
З глыбіні я клічу Цябе, Пане. *
Пане, пачуй мой голас.
Няхай Твае вушы пачуюць *
голас маіх малітваў.
Калі Ты, Пане, будзеш зважаць на беззаконні, *
хто ж вытрывае, Пане?
Але ў Цябе прабачэнне, *
каб Цябе паважалі.
Спадзяюся на Пана, *
спадзяецца душа мая на Яго слова.
Душа мая чакае Пана *
больш, чым варта світання.
Больш, чым варта світання, *
няхай Ізраэль чакае Пана,
бо ў Пана міласэрнасць *
і шчодрае ў Яго адкупленне.
Ён адкупіць Ізраэль *
ад усіх беззаконняў ягоных.
ант. У Пана ласка * у Яго плённае адкупленне.
3 ант. На пачатку і прад вякамі * Богам было Слова / сёння Яно нарадзілася як Збавіцель свету.
Песня Клс 1, 12-20
Хрыстус – першародны сярод усякага стварэння
і першародны з памерлых
Мы дзякуем Айцу, *
які паклікаў вас
да ўдзелу ў спадчыне святых у святле, *
які вызваліў нас з-пад улады цемры
і прывёў у Валадарства ўмілаванага Сына свайго, †
у якім мы маем адкупленне *
і адпушчэнне грахоў.
Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, *
першародным сярод усякага стварэння.
Бо ў Ім было створана ўсё, *
што на нябёсах і на зямлі,
бачнае і нябачнае: *
ці троны, ці панаванні,
ці начальствы, ці ўлады – *
усё праз Яго і для Яго створана.
Ён ёсць раней за ўсё, *
і ўсё трымаецца ў Ім.
Ён – Галава Цела, гэта значыць, Касцёла. †
Ён – пачатак, першародны з памерлых, *
каб Ён ва ўсім меў першынство.
Бо спадабалася Айцу, *
каб у Ім жыла ўся паўната
і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, †
і зямное, і нябеснае, *
усталяваўшы мір праз кроў Ягонага крыжа.
ант. На пачатку і прад вякамі * Богам было Слова / сёння Яно нарадзілася як Збавіцель свету.
Чытанне 1 Ян 1, 1-3
Тое, што было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, — бо жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, — тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам,
каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным,
Езусам Хрыстом.
Кароткі рэспансорый
С. Слова сталася целам.* Аллелюя, аллелюя.
У. Слова сталася целам.* Аллелюя, аллелюя.
С. І пасялілася паміж намі.
У. Аллелюя, аллелюя.
С: Хвала Айцу і Сыну і Духу Святому.
У. Слова сталася целам.* Аллелюя, аллелюя
Ант. да Песні Марыі Кароль нябёсаў нарадзіўся з Дзевы, * каб загубленага чалавека прывесці назад да валадарства нябеснага.
Песня Марыі
Магніфікат
Велічае душа мая Пана
І радуецца дух мой у Богу, маім Збаўцы,
Бо ўзглянуў на паніжэнне сваёй Слугі
І адгэтуль праслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікія рэчы здзейсніў мне Ўсемагутны,
А Імя Яго святое,
Яго міласэрнасць з пакалення ў пакаленне
Над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц свайго пляча,
Раскінуў тых, што ганарыліся планамі свайго сэрца,
Скінуў валадароў з іх тронаў,
А ўзвысіў пакорных,
Галодных дабром насыціў,
А багачоў з нічым пакінуў.
Паглядзеў на свайго слугу, Ізраіля,
Памятаючы пра сваю міласэрнасць,
Як абяцаў бацькам нашым –
Абрагаму і яго патомству навекі.
Хвала Айцу, і Сыну, *
і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер, і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.
Ант. да Песні Марыі Кароль нябёсаў нарадзіўся з Дзевы, * каб загубленага чалавека прывесці назад да валадарства нябеснага.
Просьбы
Молімся да Бога айца, поўнага міласэрнасці, які намасціў свайго Сына Духам Святым, каб нёс Добрую Навіну ўбогім, і просім:
Акажы нам, Пане, сваю міласэрнасць.
Літасцівы і вечны Божа, Ты хочаш, каб усе людзі былі збаўленыя і спазналі праўду, дзякуем Табе, што Ты далі свету Сына Свайго Адзінароднага,
- зрабі, каб уся зямля радавалася з Яго нараджэння.
Ты паслаў Свайго Сына, каб звеставаў убогім добрую навіну, абвяшчаў свабоду палонным і год ласкі,
- адары людзей свабодай і спакоем.
Ты накіраваў да Яго мудрацоў з Усходу, каб Яму аддалі пашану,
- прымі ж даніну павагі нашай веры і малітвы.
Ты клічаш ўсіх людзей з цемры да Свайго цудоўнага святла, каб на імя “Езус” схілілася кожнае калена,
- дай, каб мы былі сведкамі Яго Евангелля.
Ты ўчыніў, што Хрыстос народжаныя ў Бэтлееме, стаў святлом на асвятленне ўсіх народаў,
- пакажы хвалу свайго аблічча нашым памерлым братам і сёстрам.
Ойча наш.
Малітва
Божа, усемагутны і нябачны, прыходам Езуса Хрыста — сапраўднага святла — Ты рассеяў цемру гэтага свету, † літасціва ўзглянь на нас * і дай, каб мы годна праслаўлялі Нараджэнне Твайго Сына. Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, * Бог, праз усе вякі вечныя.
КАМПЛЕТА
Уступ:
С: Божа, прыйдзі. Хвала Айцу.... (Аллелюя)
Рахунак сумлення....
С: Спавядаюся....
Няхай змілуцца над намі Бог Усемагутны, і, адпусціўшы нам грахі, давядзе нас да жыцця вечнага.
В: Амэн.
Гімн
Перш чым надыдзе хутка цемра,
Цябе мы просім, Створца сусвету:
Апякуйся, барані нас
У сваёй дабрыні.
Нашы сэрцы хай трываюць
Пры Табе нават у сне,
А калі ўзыйдзе зарніца,
З радасцю Цябе хай славяць.
Цела хай будзе здаровым,
Ну а дух стане руплівым,
Ты ж святлом усю пранікай
Глыбіню цямноты ночы.
Просім, дай усё гэта, Ойча,
Праз Хрыста, Твайго Сына,
Што з Табою ў Духу адзінства
Валадар над светам вечны. Амэн.
Псальмодыя
Ант. Пан атуліць цябе сваімі крыламі, * не будзеш мець страху начнога.
Псальм 91
Аб Божай апецы
Я даў вам уладу ступаць па вужах і скарпіёнах (Лк 10, 19)
Шчаслівы той, хто жыве пад заслонай Найвышэйшага *
ды пад ценем Усемагутнага.
Кажу я да Пана: †
Ты мой прытулак і цвярдыня мая, *
мой Бог, на якога спадзяюся.
Бо Ён ратуе цябе ад сеці лаўца, *
ад мору смяротнага.
Пер’ем сваім закрывае цябе, *
і пад крыллем Ягоным схаваешся.
Праўда Яго – *
шчыт і заслона.
Не палохайся страхаў начных, *
ні стралы, што ўдзень ляціць.
Не бойся мору, што ў цемры крадзецца, *
заразы, што ў поўдзень пустошыць.
Хоць бы тысячы побач з табой паляглі †
і мірыяды праваруч ад цябе, *
да цябе яна не падыдзе.
Толькі вачыма тваімі глядзець будзеш *
і ўбачыш з бязбожнымі расплату.
За тое, што ты казаў: †
Пан – надзея мая, – ды Найвышэйшага *
выбраў сабе за прытулак,
Не сустрэне няшчасце цябе, *
і пошасць не падыдзе да палаткі тваёй.
Бо ён дасць загад аб табе сваім Анёлам, *
каб цябе сцераглі на ўсіх сцежках тваіх.
На руках сваіх панясуць цябе, *
каб нага твая не спаткнулася аб камень.
На львоў і гадаў ступаць будзеш, *
львянятаў і змеяў патопчаш.
За тое, што Мяне ўзлюбіў ён, †
выратую яго і ўзвялічу, *
бо імя Маё ведае.
Будзе клікаць Мяне, дык Я выслухаю яго; *
пры ім Я ў тузе, вызвалю яго ды ўслаўлю.
Насычу яго доўгім векам *
і збаўленне Маё дам убачыць.
Хвала Айцу, і Сыну, *
і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер, і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.
Ант. Пан атуліць цябе сваімі крыламі, * не будзеш мець страху начнога.
Чытанне Ап 22, 4-5
Слугі Пана ўбачаць аблічча Ягонае і імя Ягонае на чолах іх. І не будзе там ночы; і няма ў іх патрэбы ў светачы і ў святле сонца, бо Пан Бог асвятляе іх. І валадарыць Яму на вечныя вякі.
Рэспансорый кароткі
С: У рукі Твае, Божа,* давяраю дух мой.
У: У рукі Твае, Божа...
С: Ты адкупіў нас, верны Божа.
У: Давяраю... С: Хвала Айцу... У: У рукі Твае, Божа...
Песня Сімяона Лк 2, 29-32
Ант. Захавай нас, Пане, калі чуваем, * беражы нас падчас сну, * каб мы чувалі разам з Хрыстом / і адпачывалі ў супакоі.
Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, *
па слову Твайму, з мірам;
Бо бачылі вочы мае збаўленне Тваё, *
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў.
Святло для асвячэння паганаў, *
і хвалу народу Твайго Ізраэля.
Хвала Айцу, і Сыну, *
і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер, і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.
Ант. Захавай нас, Пане, калі чуваем, * беражы нас падчас сну, * каб мы чувалі разам з Хрыстом / і адпачывалі ў супакоі.
Малітва
Божа, наш Ойча, наведай гэты дом і аддалі ад яго ўсялякія варожыя пасткі; + няхай прабываюць у ім Твае святыя Анёлы і захоўваюць нас у супакоі, * а Тваё благаслаўленне няхай заўсёды нам спадарожнічае. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ноч спакойную і смерць шчаслівую няхай дасць нам Бог Усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы. Усе: Амэн.
Антыфона да Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. І ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная і благаслаўлёная.
О Пані наша, Апякунка наша, Суцяшальніца наша, Ты Заступніца наша, з Сынам Сваім нас паяднай, Сыну Свайму нас даручай, Сыну Свайму нас аддавай.