К.: Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Усе: Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому,
як была спрадвеку, цяпер і заўсёды і на вякі вечныя. Амэн. Аллелюя.
(Падчас Вялікага посту Аллелюя не гаворыцца)
Рахунак сумлення і акт пакаяння
І форма акту пакаяння:
Пасля хвіліны цішыні ўсе разам чыняць пакаянне:
Спавядаюся Богу ўсемагутнаму * і табе, браце, * што зграшыў я вельмі * думкаю, словам, учынкам і занядбаннем,
удараючы сябе ў грудзі, гавораць:
мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна.
Далей працягваюць:
Таму прашу Найсвяцейшую, заўсёды Панну Марыю, * усіх Анёлаў і святых, * і цябе, браце, памаліцца за мяне * да Пана Бога нашага.
Кіраўнік просіць аб адпушчэнні грахоў:
С: Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны * і, адпусціўшы нам грахі, * давядзе нас да жыцця вечнага. Усе: Амэн.
ІІ форма акту пакаяння:
кіраўнік гаворыць:
С: Змілуйся над намі, Пане.
Усе: Бо зграшылі мы супраць Цябе.
С: Акажы нам, Пане, Тваю міласэрнасць.
Усе: І дай нам Тваё збаўленне.
Кіраўнік просіць аб адпушчэнні грахоў:
С: Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны * і, адпусціўшы нам грахі, * давядзе нас да жыцця вечнага. Усе: Амэн.
ІІІ форма акту пакаяння:
Кіраўнік ці вызначаны прадстаўнік супольнасці чытае наступны альбо падобны заклік, скіраваны да Хрыста, які заканчваецца словамі: Пане, змілуйся над намі.
С.: Пане, Ты пасланы аздаравіць скрушаных сэрцам, змілуйся над намі.
Усе: Пане, змілуйся над намі.
С.: Хрыстэ, Ты прыйшоў паклікаць грэшнікаў, змілуйся над намі.
Усе: Хрыстэ, змілуйся над намі.
К.: Пане, Ты сядзіш праваруч Айца, каб заступацца за нас, змілуйся над намі.
Усе: Пане, змілуйся над намі.
Кіраўнік просіць аб адпушчэнні грахоў:
С: Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны * і, адпусціўшы нам грахі, * давядзе нас да жыцця вечнага. Усе: Амэн.
Гімн
І тыдзень псалтыра
1 Ужо знікае дзённае святло.
Цябе мы просім, міласэрны Божа,
Твая апека няхай з намі будзе
І захавае ў Тваёй любові.
2 Хай сэрца наша, стомленае працай,
заўсёды, Пане, пры Табе чувае,
а калі новы дзень настане,
зноў з радасцю хай Бога праслаўляе.
3 Хай цела набірае сілаў,
А дух Табе ў адданасці ўзрастае.
Святлом сваім Ты напаўняй нас, Божа,
У цемры ночы.
4 Дапамажы нам, наш найлепшы Ойча,
Праз Твайго Сына, Пана Уцелаўлення,
Які з Табою ў адзінстве Духа
Над усёй зямлёй у хвале валадарыць. Амэн.
ІІ тыдзень псалтыра
1 Хрыстэ, Ты – дзень, поўны бляску,
Знішчаеш цемру начную,
У Табе пачатак святла ёсць
Яго Ты дорыш абраным.
2 Таму Цябе вельмі просім,
Абарані нас ад злога,
І адары нас спакоем,
І сілы новыя дай нам.
3 Калі ўжо сон нас атуліць,
Хай сэрцам будзем з Табою.
А слугаў, што Цябе любяць,
Ты захавай сваёй моцай.
4 Узглянь, наш Божа і Пане,
І беражы нас ад згубы
І аддалі ўсе спакусы,
Бо нас праз кроў сваю збавіў.
5 Хрыстэ, лагодны наш Пане,
Хвалу Табе мы ўзносім,
Айцу і Духу таксама
Чэсць і хвала няхай будзе. Амэн.
ІІІ тыдзень псалтыра
1 А як дзень ужо мінае,
Кожны з нас не забывае
Чэсць аддаць з падзякай Богу
За прабыту ўдзень дарогу.
2 Усе нашы дзённы справы
Прымі міла, Божа правы,
Пакіруй нам на збаўленне,
А на Тваё выслаўленне.
3 А калі паснем у ночы,
Май над намі Твае вочы,
Сцеражы ад злой прыгоды,
Барані ад кожнай шкоды.
4 Хай здаровы са сну ўстанем
і служыць Табе зноў станем:
душой, сэрцам, як хто можа,
працай на Тваю чэсць, Божа!
5 Барані нас ад зграшэння,
каб не страцілі збаўлення,
Але неба ўсе дасталі –
Цябе вечна выхвалялі.
IV тыдзень псалтыра
1 Прыйдзі, о Пане, бо ноч наступае,
Бляск сонца знікае на небе;
Ты – Сонца, што свеціць і не згасае
Для ўсіх Тваіх верных.
2 Твая прысутнасць для нас няхай стане
Бяспечным портам і месцам спачынку;
Напоўні сэрцы спакоем і цішай,
Найлепшы Ойча.
3 Будзь з намі таксама ў апошнюю хвілю,
Калі ўжо дачэснасць нябачнаю стане,
Вазьмі за руку і вядзі нас у дом Твой,
што вечна трывае.
4 Стварыцель і Божа, усяго, што жывое,
Прымі нашы просьбы і гімны,
што славяць Цябе, Усемагутны наш Божа
У Тройцы Адзінай і Вечнай. Амэн.
Псальмодыя
Ант. Пане, не закрывай перада мной свайго аблічча * бо на Цябе я спадзяюся.
Псальм 143, 1-11
Малітва ў нядолі
Чалавек апраўдваецца не ўчынкамі Закону, а толькі вераю ў Езуса Хрыста (Гал 2, 16)
Пане, выслухай маю малітву, *
пачуй мой енк,
паводле сваёй вернасці адкажы мне, *
паводле сваёй справядлівасці.
Не ўваходзь на суд са слугою сваім, †
бо ніхто з жывых не апраўдаецца *
перад Табою.
Вораг пераследуе маю душу, *
топча на зямлі маё жыццё,
кідае мяне ў цемру, *
як памерлых назаўсёды.
Млее ўва мне мой дух, *
трывожыцца ўва мне маё сэрца.
Я памятаю даўнія дні, †
разважаю пра ўсе Твае чыны, *
раздумваю над справамі Тваіх рук.
Працягваю свае рукі да Цябе, *
душа мая прагне Цябе, як высахшая зямля.
Паспяшайся адказаць мне, Пане, *
дух мой знемагае.
Не хавай свайго аблічча ад мяне, †
каб я не прыпадобніўся да тых, *
хто сыходзіць ў магілу.
Дазволь мне ўжо раніцай пачуць †
пра Тваю міласэрнасць, *
бо я спадзяюся на Цябе.
Пакажы мне шлях, якім я павінен ісці, *
бо да Цябе я ўзношу сваю душу.
Вызвалі мяне, Пане, ад ворагаў маіх, *
бо я да Цябе ўцякаю.
Навучы мяне выконваць Тваю волю, *
бо Ты мой Бог.
Няхай Твой добры дух вядзе мяне *
па роўнай зямлі.
Дзеля імені Твайго, Пане, *
ажыві мяне,
паводле справядлівасці Тваёй *
выведзі маю душу з нядолі.
Ант. Пане, не закрывай перада мной свайго аблічча * бо на Цябе я спадзяюся.
Чытанне 1 П 5, 8-9
Будзьце цвярозымі, чувайце. Супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы кружыць, шукаючы, каго зжэрці. Моцныя верай, супраціўцеся яму.
Рэспансорый
К.: У рукі Твае, Пане, * Аддаю я дух мой. Усе: У рукі Твае. К.: Ты нас адкупіў, Пане Божа верны. Усе: Я аддаю. К.: Хвала Айцу. Усе: У рукі Твае.
Песня з Евангелля
Ант. Захавай нас, Пане, калі чуваем, * беражы нас падчас сну, * каб мы чувалі разам з Хрыстом / і адпачывалі ў супакоі.
Песня Сімяона Лк 2, 29-32
Хрыстус – святло народаў
Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, *
па слову Твайму, з мірам;
Бо бачылі вочы мае збаўленне Тваё, *
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў.
Святло для асвячэння язычнікаў, *
і хвалу народу Твайго Ізраэля.
Ант. Захавай нас, Пане, калі чуваем, * беражы нас падчас сну, * каб мы чувалі разам з Хрыстом / і адпачывалі ў супакоі.
Малітва на заканчэнне
Просім Цябе, Божа, напоўні гэтую ноч сваім святлом † і зрабі, каб мы спакойна заснулі і радасна абудзіліся ў Тваё Імя * як толькі заяснее новы дзень. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ноч спакойную і смерць шчаслівую няхай дасць нам Бог Усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы. Усе: Амэн.
Антыфоны на заканчэнне да Найсвяцейшай Панны Марыі
Вітай, неба Уладарка,
Вітай, Панна Анёлаў,
Вітай, Ружа і Брама;
Яснасць свету дала Ты.
Цешся, Панна хвалебная,
Па-над усё прыгажэйшая,
Вітай, Маці нябесная;
Заступіся за нас Ты.
альбо
Вiтай, Зорка мора,
Маці Хрыста-Бога,
Панна найчысцейша,
Верным дапамога.
Ты, што прывітана
Словам Габрыэля,
Умацуй нас ў веры,
Ўсім спашлі надзею.
Вызваль з путаў грэху,
Аддалі нядолю
І напоўні сэрцы
Нашы супакоем.
І прасі, о Панна,
Ты за нас Езуса,
Каб мы захаваны
Былі ад спакусаў.
Маці ласкі Божай,
Будзь для нас узорам —
Вызваленым з грэху,
Дай жыць у пакоры.
Памажы, Марыя,
Нам знайсці дарогу,
Што вядзе да Неба,
Да яднання з Богам.
альбо
Вітай, Каралева, Маці міласэрнасці, жыццё, асалода і надзея нашая, вітай! Да Цябе звяртаемся мы, выгнанцы, дзеці Евы. Да Цябе ўздыхаем, стогнучы і плачучы ў гэтай слёз даліне. Дык звярні ж на нас, Заступніца нашая, Твае міласэрныя вочы. І Езуса, благаславёны плод улоння Твайго, з’яві нам пасля выгнання гэтага. О ласкавая, о наймілейшая Панна Марыя.
альбо
Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. І ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная і благаслаўлёная.
О Пані наша, Апякунка наша, Суцяшальніца наша, Ты Заступніца наша,
з Сынам Сваім нас паяднай, Сыну Свайму нас даручай, Сыну Свайму нас аддавай.
з Сынам Сваім нас паяднай, Сыну Свайму нас даручай, Сыну Свайму нас аддавай.
У Пасхальны перыяд
Каралева неба, радуйся, аллелюя,
бо Той, каго Ты заслужыла насіць, аллелюя,
змёртвыхпаўстаў, як і сказаў, аллелюя.
Малі за нас Бога, аллелюя.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.