Літургія Гадзінаў - што гэта?

Найвышэйшы Святар Новага і вечнага Запавету, Езус Хрыстус, прымаючы чалавечую натуру, прынёс у гэта зямное выгнанне той гімн, які ва ўсе вякі гучыць у нябесных святынях. Ён яднае з сабой усю чалавечую супольнасць, каб разам спяваць гэту боскую песню хвалы.(SC 83)

Літургія гадзінаў – гэта малітва, якая ўзносіцца ад усяго люду Божага і такім чынам паказвае еднасць Касцёла. Чытанне гэтай малітвы – абавязак біскупаў, святароў і манахаў. Паводле правілаў, чытанне Літургіі гадзінаў не ўваходзіць у абавязак свецкіх, у адрозненне ад святароў і законнікаў, якім прадпісана кожны дзень індывідуальна або ў супольнасцях чытаць малітвы на працягу дня. Аднак Касцёл не забараняе, а наадварот заахвочвае свецкіх людзей самастойна чытаць Літургію гадзінаў у больш спрошчанай і кароткай форме.

На працягу дня звычайна адбываюцца чатыры набажэнствы сутачнага цыкла: заклікі, ютрань, дзённая малітва, нешпары, малітва на заканчэння дня. Псальмы, гімны, малітвы і іншыя тэксты кожнай гадзіны часта суаднесены з адпаведнаю гадзінаю сутак. Той, хто моліцца, сузірае таямніцы тварэння і збаўчага Божага Провіду нібы праз прызму чаргавання гадзінаў, руху свяцілаў, змены дня і ночы.

Молячыся ютрань (лац. prima – частка Брэвіярыя, раняшняя малітва), якую папярджваюць заклікі, веруючыя асвячаюць новы дзень, просячы Божага благаслаўлення на выкананне розных спраў, і такім чынам даручаюць іх Богу.

Дзённыя малітвы (лац. tertia) адлюстроўваюць старажытную традыцыю маліцца на працягу дня. Звычайна ў гэты час адбываецца малітоўны ўспамін тых падзей, канкрэтныя гадзіны якіх пазначаны ў Новым Запавеце, – перадусім пакутаў Езуса Хрыста на Галгофе. У эпоху Збаўцы ў Юдэі было прынята дзяліць светлую пару дня на гадзіны, з якіх на сярэдзіну дня прыпадала трэцяя, шостая і дзевятая (у пераліку на цяперашні час гэта адпавядае 9 гадзінам раніцы, поўдню і тром гадзінам дня).

Далей ідзе пасляпаўдзённая малітва – гэтак званая nona (лац. 9-я гадзіна дня, г.зн. 3 гадзіны пасля абеда), чацвёртая частка з малых брэвіярных гадзінаў.

Нешпары (лац. vesperas – вячэрня, vesper – вечар) чытаюцца з надыходам вечара як падзяка за ўсе дары, якія даў Бог на працягу дня.

Потым чытаюцца малітвы на заканчэнне дня або камплета (лац. completio – завяршэнне, сканчэнне). Зазвычай камплета чытаецца перад сном. У гэты час робяць рахунак сумлення і просяць прабачэння ў Бога за грахі.

Асноўную частку тэксту кожнай літургічнай гадзіны складаюць псальмы і спевы са Старога і Новага Запавету. Іх спяваюць або чытаюць тыя, хто моліцца. Псальму і спеву папярэднічае антыфона (гр. antifonos – той, хто адказвае), кароткі рэфрэн, якім распачынаецца і заканчваецца псальм. Антыфона чытаецца альбо спяваецца папераменна паміж харамі.