МАЛІТВА НА ЗАКАНЧЭННЕ ДНЯ (КАМПЛЕТА) - ПАСЛЯ ІІ НЕШПАРАЎ У НЯДЗЕЛІ І ЎРАЧЫСТАСЦІ



К.: Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Усе: Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому,
як была спрадвеку, цяпер і заўсёды і на вякі вечныя. Амэн. Аллелюя.
(Падчас Вялікага посту Аллелюя не гаворыцца)

Рахунак сумлення і акт пакаяння

І форма акту пакаяння:
Пасля хвіліны цішыні ўсе разам чыняць пакаянне:
Спавядаюся Богу ўсемагутнаму * і табе, браце, * што зграшыў я вельмі * думкаю, словам, учынкам і занядбаннем,
удараючы сябе ў грудзі, гавораць:
мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна.
Далей працягваюць:
Таму прашу Найсвяцейшую, заўсёды Панну Марыю, *  усіх Анёлаў і святых, * і цябе, браце, памаліцца за мяне * да Пана Бога нашага.
Кіраўнік просіць аб адпушчэнні грахоў:
С: Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны * і, адпусціўшы нам грахі, * давядзе нас да жыцця вечнага. Усе: Амэн.

ІІ форма акту пакаяння:
кіраўнік гаворыць:
С: Змілуйся над намі, Пане.
Усе: Бо зграшылі мы супраць Цябе.
С: Акажы нам, Пане, Тваю міласэрнасць.
Усе: І дай нам Тваё збаўленне.
Кіраўнік просіць аб адпушчэнні грахоў:
С: Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны * і, адпусціўшы нам грахі, * давядзе нас да жыцця вечнага. Усе: Амэн.

ІІІ форма акту пакаяння:
Кіраўнік ці вызначаны прадстаўнік супольнасці чытае наступны альбо падобны заклік, скіраваны да Хрыста, які заканчваецца словамі: Пане, змілуйся над намі.
С.: Пане, Ты пасланы аздаравіць скрушаных сэрцам, змілуйся над намі.
Усе: Пане, змілуйся над намі.
С.: Хрыстэ, Ты прыйшоў паклікаць грэшнікаў, змілуйся над намі.
Усе: Пане, змілуйся над намі.
К.: Пане, Ты сядзіш праваруч Айца, каб заступацца за нас, змілуйся над намі.
Усе: Пане, змілуйся над намі.
Кіраўнік просіць аб адпушчэнні грахоў:
С: Няхай  змілуецца над намі Бог усемагутны * і, адпусціўшы нам грахі, * давядзе нас да жыцця вечнага. Усе: Амэн.

Гімн
І тыдзень псалтыра
1 Ужо знікае дзённае святло.
Цябе мы просім, міласэрны Божа,
Твая апека няхай з намі будзе
І захавае ў Тваёй любові.
2 Хай сэрца наша, стомленае працай,
заўсёды, Пане, пры Табе чувае,
а калі новы дзень настане,
зноў з радасцю хай Бога праслаўляе.
3 Хай цела набірае сілаў,
А дух Табе ў адданасці ўзрастае.
Святлом сваім Ты напаўняй нас, Божа,
У цемры ночы.
4 Дапамажы нам, наш найлепшы Ойча,
Праз Твайго Сына, Пана Уцелаўлення,
Які з Табою ў адзінстве Духа
Над усёй зямлёй у хвале валадарыць. Амэн.

ІІ тыдзень псалтыра
1 Хрыстэ, Ты – дзень, поўны бляску,
Знішчаеш цемру начную,
У Табе пачатак святла ёсць
Яго Ты дорыш абраным.
2 Таму Цябе вельмі просім,
Абарані нас ад злога,
І адары нас спакоем,
І сілы новыя дай нам.
3 Калі ўжо сон нас атуліць,
Хай сэрцам будзем з Табою.
А слугаў, што Цябе любяць,
Ты захавай сваёй моцай.
4 Узглянь, наш Божа і Пане,
І беражы нас ад згубы
І аддалі ўсе спакусы,
Бо нас праз кроў сваю збавіў.
5 Хрыстэ, лагодны наш Пане,
Хвалу Табе мы ўзносім,
Айцу і Духу таксама
Чэсць і хвала няхай будзе. Амэн.

ІІІ тыдзень псалтыра
1 А як дзень ужо мінае,
Кожны з нас не забывае
Чэсць аддаць з падзякай Богу
За прабыту ўдзень дарогу.
2 Усе нашы дзённы справы
Прымі міла, Божа правы,
Пакіруй нам на збаўленне,
А на Тваё выслаўленне.
3 А калі паснем у ночы,
Май над намі Твае вочы,
Сцеражы ад злой прыгоды,
Барані ад кожнай шкоды.
4 Хай здаровы са сну ўстанем
і служыць Табе зноў станем:
душой, сэрцам, як хто можа,
працай на Тваю чэсць, Божа!
5 Барані нас ад зграшэння,
каб не страцілі збаўлення,
Але неба ўсе дасталі –
Цябе вечна выхвалялі.

IV тыдзень псалтыра
1 Прыйдзі, о Пане, бо ноч наступае,
Бляск сонца знікае на небе;
Ты – Сонца, што свеціць і не згасае
Для ўсіх Тваіх верных.
2 Твая прысутнасць для нас няхай стане
Бяспечным портам і месцам спачынку;
Напоўні сэрцы спакоем і цішай,
Найлепшы Ойча.
3 Будзь з намі таксама ў апошнюю хвілю,
Калі ўжо дачэснасць нябачнаю стане,
Вазьмі за руку і вядзі нас у дом Твой,
што вечна трывае.
4 Стварыцель і Божа, усяго, што жывое,
Прымі нашы просьбы і гімны,
што славяць Цябе, Усемагутны наш Божа
У Тройцы Адзінай і Вечнай. Амэн.

Псальмодыя
Ант. Пан атуліць цябе сваімі крыламі, * не будзеш мець страху начнога.
Псальм 91
Аб Божай апецы
Я даў вам уладу ступаць па вужах і скарпіёнах (Лк 10, 19)

Шчаслівы той, хто жыве пад заслонай Найвышэйшага *
ды пад ценем Усемагутнага.
Кажу я да Пана: †
Ты мой прытулак і цвярдыня мая, *
мой Бог, на якога спадзяюся.
Бо Ён ратуе цябе ад сеці лаўца, *
ад мору смяротнага.
Пер’ем сваім закрывае цябе, *
і пад крыллем Ягоным схаваешся.
Праўда Яго – *
шчыт і заслона.
Не палохайся страхаў начных, *
ні стралы, што ўдзень ляціць.
Не бойся мору, што ў цемры крадзецца, *
заразы, што ў поўдзень пустошыць.
Хоць бы тысячы побач з табой паляглі †
і мірыяды праваруч ад цябе, *
да цябе яна не падыдзе.
Толькі вачыма тваімі глядзець будзеш *
і ўбачыш з бязбожнымі расплату.
За тое, што ты казаў: †
Пан – надзея мая, – ды Найвышэйшага *
выбраў сабе за прытулак,
Не сустрэне няшчасце цябе, *
і пошасць не падыдзе да палаткі тваёй.
Бо ён дасць загад аб табе сваім Анёлам, *
каб цябе сцераглі на ўсіх сцежках тваіх.
На руках сваіх панясуць цябе, *
каб нага твая не спаткнулася аб камень.
На львоў і гадаў ступаць будзеш, *
львянятаў і змеяў патопчаш.
За тое, што Мяне ўзлюбіў ён, †
выратую яго і ўзвялічу, *
бо імя Маё ведае.
Будзе клікаць Мяне, дык Я выслухаю яго; *
пры ім Я ў тузе, вызвалю яго ды ўслаўлю.
Насычу яго доўгім векам *
і збаўленне Маё дам убачыць.
Ант. Пан атуліць цябе сваімі крыламі, * не будзеш мець страху начнога.

Чытанне                                                                                        Ап 22, 4-5
Слугі Пана ўбачаць аблічча Ягонае і імя Ягонае на чолах іх. І не будзе там ночы; і няма ў іх патрэбы ў светачы і ў святле сонца, бо Пан Бог асвятляе іх. І валадарыць Яму на вечныя вякі.

Рэспансорый
К.: У рукі Твае, Пане, * Аддаю я дух мой. Усе: У рукі Твае. К.: Ты нас адкупіў, Пане Божа верны. Усе: Я аддаю. К.: Хвала Айцу. Усе: У рукі Твае.

Песня з Евангелля
Ант. Захавай нас, Пане, калі чуваем, * беражы нас падчас сну, * каб мы чувалі разам з Хрыстом / і адпачывалі ў супакоі.
Песня Сімяона  Лк 2, 29-32
Хрыстус – святло народаў
Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, *
па слову Твайму, з мірам;
Бо бачылі вочы мае збаўленне Тваё, *
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў.
Святло для асвячэння язычнікаў, *
і хвалу народу Твайго Ізраэля.
Ант. Захавай нас, Пане, калі чуваем, * беражы нас падчас сну, * каб мы чувалі разам з Хрыстом / і адпачывалі ў супакоі.

Малітва на заканчэнне
Усемагутны Божа, мы ўшанавалі сёння таямніцу змёртвыхпаўстання Хрыста, † пакорна Цябе просім, няхай нас атуліць Твой супакой, * каб мы бяспечна адпачылі ад усялякага зла і з радасцю абудзіліся, каб праслаўляць Цябе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Ва ўрачыстасці, якія прыпадаюць па-за нядзеляй
Божа, наш Ойча, наведай гэты дом і аддалі ад яго ўсялякія варожыя пасткі; + няхай прабываюць у ім  Твае святыя Анёлы і захоўваюць нас у супакоі, * а Тваё благаслаўленне няхай заўсёды нам спадарожнічае. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Ноч спакойную і смерць шчаслівую няхай дасць нам Бог Усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы. Усе: Амэн.

Антыфоны на заканчэнне да Найсвяцейшай Панны Марыі
Вітай, неба Уладарка,
Вітай, Панна Анёлаў,
Вітай, Ружа і Брама;
Яснасць свету дала Ты.
Цешся, Панна хвалебная,
Па-над усё прыгажэйшая,
Вітай, Маці нябесная;
Заступіся за нас Ты.
альбо
Вiтай, Зорка мора,
Маці Хрыста-Бога, 
Панна найчысцейша,
Верным дапамога.
Ты, што прывітана
Словам Габрыэля, 
Умацуй нас ў веры,
Ўсім спашлі надзею.
Вызваль з путаў грэху,
Аддалі нядолю 
І напоўні сэрцы
Нашы супакоем.
І прасі, о Панна,
Ты за нас Езуса, 
Каб мы захаваны
Былі ад спакусаў.
Маці ласкі Божай,
Будзь для нас узорам —
Вызваленым з грэху,
Дай жыць у пакоры.
Памажы, Марыя,
Нам знайсці дарогу, 
Што вядзе да Неба,
Да яднання з Богам.

альбо
Вітай, Каралева, Маці міласэрнасці, жыццё, асалода і надзея нашая, вітай! Да Цябе звяртаемся мы, выгнанцы, дзеці Евы. Да Цябе ўздыхаем, стогнучы і плачучы ў гэтай слёз даліне. Дык звярні ж на нас, Заступніца нашая, Твае міласэрныя вочы. І Езуса, благаславёны плод улоння Твайго, з’яві нам пасля выгнання гэтага. О ласкавая, о наймілейшая Панна Марыя.

альбо
Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. І ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная і благаслаўлёная.
О Пані наша, Апякунка наша, Суцяшальніца наша, Ты Заступніца наша,
з Сынам Сваім нас паяднай, Сыну Свайму нас даручай, Сыну Свайму нас аддавай.

У Пасхальны перыяд
Каралева неба, радуйся, аллелюя,
бо Той, каго Ты заслужыла насіць, аллелюя,
змёртвыхпаўстаў, як і сказаў, аллелюя.
Малі за нас Бога, аллелюя.

апрацавана на падставе:
Брэвіярый семінарыйны, Мінск 2001.
Камплета, Ольштын 2009.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.