АЎТОРАК ПЕРШАГА ТЫДНЯ - ЮТРАНЬ


I тыдзень Звычайнага Перыеду
І тыдзень псалтыра

АЎТОРАК ПЕРШАГА ТЫДНЯ

ЮТРАНЬ

Божа, прыйдзі. Хвала Айцу. Як была спрадвеку. Аллелюя.
Усё пададзенае вышэй прапускаецца, калі гэтая Гадзіна чытаецца непасрэдна пасля Закліку.

Гімн

1 Світанак абвяшчае зямлі
Бляскі сонечных праменняў
І паказвае ў сваім святле
Сапраўдныя колеры і формы.

2 Для Цябе, прадвечнае Сонца,
Хрыстос усемагутны, жывы,
Мы ўзносім нашы малітвы,
Упэўнены, што Ты асвеціш нас.

3 Мудрасць Айца, Ты - Слова,
Дзякуючы Якому усё існуе
І сваім ладам прыцягваеш
Сэрца і думкі людзей.

4 Хочам з Тваёй дапамогай
Станавіцца сынамі святла
І сваім жыццём скласці сведчанне
Айцу ласкі і дабрыні.

5 Дапамажы заўсёды вызнаваць
Сумленнасць нашымі вуснамі
Абудзі любоў да праўды,
Што напаўняе ўсіх радасцю.

6 O Хрыстос, Валадар лагодны,
Табе і Айцу Твайму
З Найсвяцейшым Даўцам суцяшэння
Хвала няхай будзе заўжды. Амэн.

Псальмодыя
1 ант. Той, у каго бязвінныя рукі і чыстае сэрца, * узыдзе на гару Пана.
Псальм 24
Прыйсце Пана ў святыню
Нябесныя брамы адчынены для Хрыста, дзеля Яго цялеснага ўнебаўшэсця (св. Ірэнэй)
Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй, *
сусвет і ўсё, што жыве ў ім.
Бо Ён заснаваў яго на морах *
і на рэках умацаваў яго.
Хто ўзыдзе на гару Пана, *
і хто стане на святым месцы Ягоным?
Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, *
хто не схіляў душы да марнасці.
Ён атрымае благаслаўленне ад Пана *
і ўзнагароду ад Бога, свайго Збаўцы.
Вось пакаленне тых, хто Яго шукае, *
хто шукае абліччаТвайго, Бог Якуба.
Падыміце, вярхі вашыя, брамы, †
узніміцеся, адвечныя вароты, *
каб увайшоў Кароль славы.
Хто ж гэты Кароль славы? †
Пан, моцны і магутны, *
Пан, магутны ў барацьбе.
Падыміце, вярхі вашыя, брамы, †
узніміцеся, адвечныя вароты, *
каб увайшоў Кароль славы.
Хто Ён, гэты Кароль славы? *
Пан Магуццяў, Ён Кароль славы.
Хвала Айцу і Сыну
 і Духу Святому,
         Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды
         і на векі вечныя. Амэн
Ант. Той, у каго бязвінныя рукі і чыстае сэрца, * узыдзе на гару Пана.

2 ант. Праслаўляйце Валадара вякоў * сваімі справамі.
Песня  Тоб 13, 2-8 (Vlg)
Бог, які карае і ратуе
Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую міласэрнасць сваю адрадзіў нас (1 П 1, 3)
Благаслаўлёны Бог, які жыве, навекі, *
і Ягонае валадарства,
бо Ён карае і праяўляе міласэрнасць, *
зводзіць уніз аж да адхлані
і ўзнімае веліччу сваёй са згубы, *
няма таго, хто пазбегне Ягонай рукі.
Вызнавайце Яго, сыны Ізраэля, перад народамі, †
бо Ён сам рассеяў вас сярод іх *
і нават там паказаў сваю веліч.
Узносьце Яго перад кожным жывым, †
бо Ён наш Пан і Ён Айцец наш, *
Ён Бог наш на вякі вякоў.
За беззаконні вашыя Ён пакараў вас, *
але злітуецца над вамі ўсімі
і збярэ вас між усіх народаў, *
сярод якіх вы былі рассеяны.
Калі вы навернецеся да Яго †
ўсім сваім сэрцам і ўсёй сваёй душою, *
каб справядліва паступаць перад Ім,
тады Ён вернецца да вас *
і больш не будзе хаваць ад вас свайго аблічча.
Цяпер паглядзіце на тое, што Ён вам зрабіў, *
і вызнавайце Яго ва ўвесь свой голас.
Благаслаўляйце Пана справядлівасці *
і ўзносьце Караля вякоў.
На зямлі маёй няволі Яго вызнаю *
і паказваю Ягоную моц і веліч грэшнаму народу.
Навярніцеся, грэшнікі, *
і паступайце справядліва перад Ім.
Хто ведае, можа будзе ласкавы *
і праявіць да вас міласэрнасць?
Я і мая душа радасна славім Караля нябёсаў, *
мая душа будзе радавацца ва ўсе дні майго жыцця.
Благаслаўляйце Пана, усе выбраныя †
і ўсе хваліце Ягоную веліч. *
Праводзьце ў радасці дні і вызнавайце Яго.
 Хвала Айцу і Сыну
 і Духу Святому,
         Як была спрадвеку цяпер і заўсёды
         і на векі вечныя. Амэн
Ант. Праслаўляйце Валадара вякоў * сваімі справамі.

3 ант. Праведным належыць * хваліць Пана.
Псальм 33
Хвала Божага Провіду
Усё праз Яго сталася (Ян 1, 3)

Радуйцеся ў Пану, справядлівыя, *
праведным належыць хваліць Яго.
Слаўце Пана на гуслях, *
грайце Яму на дзесяціструннай арфе.
Спявайце Яму новую песню, *
прыгожа грайце Яму і гучна.
Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.
Словам Пана створаны нябёсы, *
дыханнем Яго вуснаў – уся іхняя моц.
Ён воды марскія збірае, быццам у мех, *
бездані складвае ў сховах.
Няхай баіцца Пана ўся зямля, *
няхай дрыжаць перад Ім усе жыхары свету.
Бо Ён прамовіў – і сталася, *
Ён загадаў – і з’явілася.
Пан касуе намеры язычнікаў, *
знішчае задумы народаў.
Намеры Пана трываюць навекі, *
задумы сэрца Ягонага з пакалення ў пакаленне.
Шчаслівы народ, Богам якога ёсць Пан, *
народ, які Ён выбраў сабе ў спадчыну.
Пан паглядае з нябёсаў, *
бачыць усіх сыноў чалавечых.
З месца пасаду свайго Ён глядзіць *
на ўсіх, хто жыве на зямлі.
Ён стварыў сэрца кожнага з іх, *
і зважае на ўсе іхнія чыны.
Не збавіць караля яго шматлікае войска, *
асілка не ўратуе яго вялікая сіла.
Конь не дапаможа ўратавацца, *
сваёй празмернай сілай ён не збавіць.
Вось вока Пана над тымі, хто Яго баіцца, *
над тымі, хто спадзяецца на Яго міласэрнасць,
каб Ён душу іх уратаваў ад смерці *
і накарміў іх у час голаду.
Душа наша чакае Пана, *
Ён – наша дапамога і абарона.
Радуецца ў Ім нашае сэрца, *
на Яго святое імя мы спадзяёмся.
Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе над намі, *
бо мы на Цябе спадзяёмся!
Хвала Айцу і Сыну
 і Духу Святому,
         Як была спрадвеку цяпер і заўсёды
і на векі вечныя. Амэн
Ант. Праведным належыць * хваліць Пана.

Чытанне                                                                     Рым 13, 11b. 12-13a  
Цяпер настала пара ўжо нам прачнуцца ад сну. Ноч прайшла, а дзень наблізіўся: дык вось, адкінем дзеі цямна і апранемся ў зброю святла. Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна.

Кароткі рэспансорый
С: Цябе клічу, Божа мой і Валадар, Ты чуеш зранку мой голас.
У: Цябе клічу, Божа мой і Валадар, Ты чуеш зранку мой голас.
С: На світанні ўзношу да Цябе просьбы.
У: Ты чуеш зранку мой голас.
С. Хвала Айцу і Сыну і Духу Святому.
У: Цябе клічу, Божа мой і Валадар, Ты чуеш зранку мой голас.

Песня Захарыя
Ант. Пан узбудзіў для нас моц збавенную * у доме слугі свайго Давіда.
Песня Захарыі Лк 1, 68-79
Благаслаўлёны Пан Бог Ізраэля, *
што наведаў народ свой і даў выбаўленне яму.
І ўзбудзіў для нас моц збавенную*
у доме слугі свайго Давіда.
Як абвясціў вуснамі *
спрадвеку святых прарокаў сваіх.
Выратуе нас ад ворагаў нашых *
і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.
І ўчыніў ласку бацькам нашым *
і ўзгадае святы запавет свой.
Прысягу, якую даў Абрагаму, *
айцу нашаму, дасць нам.
Не з боязі, *
пасля выбаўлення з рук ворагаў нашых,
Служыць Яму ў святасці і праўдзе *
перад Ім ва ўсе дні жыцця нашага.
А ты, дзіцятка, *
назавешся прарокам Найвышэйшага, *
Бо пойдзеш прад абліччам Пана *
падрыхтаваць шляхі Яму.
Дасі народу пазнаць збаўленне *
праз адпушчэнне яго грахоў.
Дзякуючы міласэрнасці нашага Бога, *
з якою наведае нас Усход з вышыні,
Каб прасвятліць тых, *
што ў цемры і ў цені смяротным,
Каб пакіраваць ногі нашыя *
на дарогу спакою.
Хвала Айцу і Сыну
 і Духу Святому,
         Як была спрадвеку цяпер і заўсёды
і на векі вечныя. Амэн
Ант. Пан узбудзіў для нас моц збавенную * у доме слугі свайго Давіда.

Просьбы
Закліканыя прыняць удзел у жыцці Бога праслаўляйма наш Першасвятара, Езуса Хрыста, і ўсклімайма да Яго:
Пане, Ты – наш Бог і наш Збавіцель.
Валадар усемагутны, Ты адарыў нам праз хрост годнасцю каралеўскага святарства,
- зрабі, каб мы заўсёды складалі Табе пахвальную ахвяру.
Пане, Ты – наш Бог і наш Збавіцель.
Падтрымлівай  нас у захоўванні Тваіх запаведзяў,
- дай, каб  праз Духа Святога мы  трывалі ў Табе.
Пане, Ты – наш Бог і наш Збавіцель.
Улі ў​​ў нашыя сэрцы сваю адвечную мудрасць,
- няхай сёння ў нас прабывае і намі кіруе.
Пане, Ты – наш Бог і наш Збавіцель.
Дапамажыце нам, каб мы сёння нікога не засмуцілі,
- але для ўсіх былі прычынай для радасці.
Пане, Ты – наш Бог і наш Збавіцель.
Ойча наш.

Малітва
Усемагутны Божа, прымі ласкава нашую ранішнюю малітву, † аздараві глыбіну нашага сэрца і напоўні яе святлом сваёй ласкі, * каб намі не авалодалі злыя жаданні. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, † які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, * Бог, праз усе вякі вечныя.

Калі Афіцыюм кіруе святар ці дыякан, кіраўнік звяртаецца да вернікаў:
С: Пан з вамі.
У: І з духам Тваім.
С: Няхай вас благаславіць Бог усемагутны: Айцец і Сын, і Дух Святы.
У: Амэн.

Калі гэта заканчэнне супольнай малітвы:
С: Ідзіце ў супакоі Хрыста.
У: Дзякуем Пану Богу.
Калі няма святара ці дыякана і падчас індывідуальнай малітвы адной асобы Гадзіна заканчваецца словамі:
Няхай нас Бог благаславіць, бароніць ад усялякага зла і давядзе да жыцця вечнага. Амэн.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.