26 снежня 2011г - свята св. Стэфана, першамучаніка


Св. Стэфан быў адным з сямі памочнікаў Апосталаў у Ерусалімскім Касцёле. Паводле Дзеяў Апостальскіх “поўны ласкі і моцы Духа Святога”абвяшчаў Добрую Навіну з мудрасцю, якой ніхто не мог супрацьстаяць. Першы мучанік,сведчачы сваёй смерццю аб праўдзівасці пасланніцтва Хрыста і Яго навукі, ажыцявіў ідэал дасканалага наследвання Пана. Існуе вялікае падабенства паміж смерццю Пана Езуса і св. Стэфана: фальшывыя сведкі, смерць за горадам,  адданне Езуса і Стэфана Богу Айцу, прабачэнне пераследвальнікам. Культ гэтага святога бярэ свой пачатак з IV стагоддзя.


ЗАКЛІК
ант. Праслаўляем Хрыста для нас народжанага, які ўзнагародзіў Стэфана вянком хвалы.

Псальм 95
Прыйдзіце, радасна спяваць будзем Пану, *
Узнясём вокліч да Скалы нашага збаўлення.
Станем перад абліччам Яго з праслаўленнем,*
Весела спявайма Яму песні.

ант. Праслаўляем Хрыста для нас народжанага, які ўзнагародзіў Стэфана вянком хвалы.

Бо Пан – Бог вялікі, *
Вялікі Кароль над усімі багамі.
У Яго руках глыбіны зямлі, *
Вяршыні гор да Яго прыналежаць.
Уласнасць Яго – мора, якое сам стварыў, *
І зямля, якую зляпілі Яго рукі.

ант. Праслаўляем Хрыста для нас народжанага, які ўзнагародзіў Стэфана вянком хвалы.

Прыйдзіце, праславім Яго ўпаўшы на твар, *
Укленчым перад Панам, Які нас стварыў.
Бо Ён – наш Бог, †
А мы – народ Ягоны, авечкі ў Яго руцэ.

ант. Праслаўляем Хрыста для нас народжанага, які ўзнагародзіў Стэфана вянком хвалы.

Каб мы сёння пачулі Ягоны голас:
Няхай не ствярднеюць вашыя сэрцы як ў Мерыбе, *
Як на пустыні ў дзень Масса,
Калі спакушалі Мяне вашыя бацькі, *
Дасведчылі Мяне, хоць бачылі мае справы.

ант. Праслаўляем Хрыста для нас народжанага, які ўзнагародзіў Стэфана вянком хвалы.

Праз сорак гадоў гэтае пакаленне ўзбуджала ўва Мне агіду, †
І сказаў Я: “Вось народ са згубленым сэрцам *
Не ведае маіх сцежак.”
І прысягнуў Я ў гневе, *
Што не ўвойдуць у краіну майго спачынку.

ант. Праслаўляем Хрыста для нас народжанага, які ўзнагародзіў Стэфана вянком хвалы.

 Хвала Айцу і Сыну
 і Духу Святому,
 Як была спрадвеку цяпер і заўсёды
 і на векі вечныя. Амэн

ант. Праслаўляем Хрыста для нас народжанага, які ўзнагародзіў Стэфана вянком хвалы.

 
 Малітва
Усемагутны Божа, мы ўшаноўваем пераможную смерць першага мучаніка Твайго Касцёла, † святы Стэфан маліўся нават за тых, хто яго пераследаваў, * навучы таксама і нас па яго прыкладу любіць нашых ворагаў. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, † які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, * Бог, праз усе вякі вечныя.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.