Уступ:
Божа, прыйдзі мне на дапамогу, Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому, Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды
І на вякі вечныя. Амэн. Аллелюя
Гімн
Мы Цябе славім, і прызываем,
Благаславёная Тройца.
Узглянь на стварэнне, дай нам збаўленне,
Благаславёная Тройца.
2. Дай нам Жывога Духа Святога,
Благаславёная Тройца,
Прыйдзе патрэба — глянь на нас з неба,
Благаславёная Тройца.
3. Каб быць з Табою дай дар спакою,
Благаславёная Тройца,
Нам тут сабраным, Богам абраным,
Благаславёная Тройца.
4. Хай міласэрнасць дорыць нам вернасць,
Благаславёная Тройца.
Знішчы ўсе войны, дай час спакойны.
Благаславёная Тройца.
5. Будзь жа Ты з намі ў хвілю канання,
Благаславёная Тройца.
Дай ў небе шчасце — душы багацце,
Благаславёная Тройца.
Псальмодыя
Псальм 110
Пан да майго Пана прамовіў лагодна:
«Быць па маёй правіцы Ты толькі годны.
Я з Твайго ворага лютага, злога
Зраблю прыступку пад Твае ногі.
Будзеш Ты Панам магутным Сыёну,
Люд туды пойдзе, укленчыць прад тронам.
Скажуць табе: «Валадар наш і Пане,
Вораг баіцца Твайго панавання».
Шаты Твае, нібы сонца ўранні,
Будуць іскрыцца і ззяць прамянямі.
Як зараніца, што родзіцца додня,
Ты з Майго выйшаў святога улоння.
І як раса на зямлі, без вытоку,
Ты без пачатку зыходзіш з высоку».
Пан прысягнуў і сумніву не мае,
Слова святое заўсёды стрымае:
«Будзеш маім Святаром Ты навекі,
Паводле абраду Мэльхізэдэка».
Пан сцеражэ Тваю моц і уладу,
Ворагаў злосных пазбавіць пасадаў.
А хто з гардыняй адыйдзе ад Пана,
Голаў той страціць і ўжо не паўстане.
А слугі Пана калі спатыкнуцца,
То доўга ў немачы не застануцца.
Хопіць ім кроплі вады на патолю,
Каб зноў паўстаць і не ўпасці ніколі.
Хвала Айцу, Сыну, Духу Святому
Хай будзе вечна, няспынна, нястомна.
Як прад вякамі было, хай так будзе:
Бога хай славяць Анёлы і людзі.
Псальм 114
Як Ізраэль з людам разам пакідаў чужбіну,
А ішоў шукаць у далечы ён сваю краіну.
Засталася мова люду, што была чужая,
А чакала іх зямліца родная, святая.
Мора прад нагамі люду шлях сухі зрабіла,
А Ярдану воды раптам паўстрымалі сілы.
Горы трэскаліся ў страху і дрыжэлі скалы,
А пагоркі паніжэлі — бы ягняты сталі.
Ты чаму ўцякаеш, мора, і хаваеш хвалі?
Вы чаму, пагоркі, страх такі спазналі?
Прад абліччам Пана Бога свет трывогу чуе,
Бог Магутны крышыць скалы, а людзей ратуе.
Ён з пустэльні зробіць ніву — арасіць дажджамі,
Ён зімой зямлю аздобіць белымі снягамі.
Хвала хай на векі будзе і Айцу, і Сыну,
І Святому Духу разам, на вякі, няспынна.
Як была спрадвек прад намі, хай заўсёды будзе:
Бога хай Анёлы славяць, праслаўляюць людзі.
Кантык з Кнігі Адкрыцця
1. Аллелюя. Збаўленне, хвала і моц належаць да нашага Бога, Аллелюя. Бо ягоныя прысуды праўдзівыя і справядлівыя. Аллелюя, аллелюя!
2. Аллелюя. Праслаўляйце Бога нашага ўсе Ягоныя слугі, аллелюя. Вы, што яго баіцеся, малыя і вялікія. Аллелюя, аллелюя.
3. Аллелюя. Бо пачаў валадарыць наш Пан Бог Усемагутны. Аллелюя. Весялімся, радуемся і аддаем Яму пашану. Аллелюя, аллелюя.
4. Аллелюя. Бо надыйшлі святы Ягняці. Аллелюя. А Яго Абранніца ў красе прыходзіць. Аллелюя, аллелюя.
5. Аллелюя. Хвала Айцу і Сыну, і Святому Духу. Аллелюя. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды і на вякі вечныя. Амэн. Аллелюя, аллелюя.
У часе Вялікага посту замест Кантыка «Аллелюя» выконваецца наступны спеў:
Кантык святога Пятра (1 П 2, 21-24)
Хрыстус цярпеў за нас і прыклад нам пакінуў, * Каб мы за Ім ішлі заўсёды. * Ён жа сам не саграшыў ніколі, * І не ведалі няшчырасці Ягоныя вусны.
Тым, што Яго пракліналі, Ён не пажадаў благога * І калі цярпеў, не ўжываў пагрозаў, Ён свой лёс аддаў у рукі Пану, * І Яму паддаўся цярпліва.
Нашыя грахі Ён сам занёс на дрэва, * І за нас людзей цярпеў у целе. * Каб мы не жылі ўжо больш для грэху, * А жылі прад Богам справядліва.
Кроў, што з ран Ягоных пралілася, * Сталася для нас усіх лякарствам. * Хвала Айцу і Сыну, і Святому Духу, * Як была спрадвек і заўсёды і на вякі вечныя. Амэн.
Чытанне 2 Кар 1, 3-4
Благаславёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усялякага суцяшэння. Той, які суцяшае нас у кожнай нашай журбіне, каб і мы маглі суцяшаць тых, што чымсьці прыгнечаныя, суцяшэннем, якое спазналі мы ад Бога.
Рэспансорый
С.: Хай Імя Божае будзе праслаўлёнае.
Л.: Хай Імя Божае будзе праслаўлёнае.
С.: І цяпер і заўсёды.
Л.: Будзе праслаўлёнае.
С.: Хвала Айцу і Сыну, і Святому Духу.
Л.: Хай Імя Божае будзе праслаўлёнае.
Песня Марыі
Радуйся, душа мая, з дабротаў Пана Бога,
i хвалі свайго Збавіцеля Святога.
Бог – твая моц і твая раскоша,
Ён твой Пан, спявай яму прыгожа.
Бо слугі пакору Пан убачыў,
I дабротаў моц Ён сам прызначыў.
Колькі на зямлі жыць людзі будуць,
Імя той слугі ўжо не забудуць.
Колькі ж цудаў для мяне Бог чыніць,
Пан Святы — не дасць Ён мне загінуць.
Тыя, што да Бога боязь маюць,
Радасць, шчасце ў поўні атрымаюць.
Свет увесь пазнае моц і сілу Бога,
Што ўсіх злых спашле ў магілу.
Тым, што ганарацца людскай славай,
Ён пакажа як усё не трывала.
Ганарлівым Ён не дасць пасады,
Свавольны не нацешыцца ўладай.
Пан пакорным ласку спасылае,
Славу толькі сціплы атрымае.
Для галодных мае Пан шмат хлеба,
бедным Ён рыхтуе скарб у небе.
Тых, што прагнуць быць панамі,
Бог учыніць толькі жабракамі.
Бог свой люд — Ізраэль — не пакіне,
Нават у няволі ён не згіне.
Абрагаму Ён сам даў прысягу,
Абяцаў і давядзе да ладу.
Хвала Богу ў Тройцы і Айцу і Сыну,
і Святому Духу на вякі, няспынна.
Слава, чэсць, пашана хай заўсёды будзе —
Пана навекі хай славяць людзі.
Просьбы
Хрыстус з’яўляецца нашай Галавой, а мы – часткамі Яго Цела. Праславім Яго і з радасцю ўсклікнем:
Няхай прыйдзе, Пане, Тваё валадарства.
Наш Збавіцель, учыні Твой Касцёл жывым знакам з’яднання ўсяго чалавецтва,
- і добрай прыладай збаўлення ўсіх народаў.
Будзь заўсёды з калегіумам бікупаў і нашым Папам,
- удзялі ім дару адзінства, любові і супакою.
Зрабі, каб хрысціяне з’ядноўваліся з Табою, Божай Галавою,
- і сваім жыццём сведчылі аб Тваім валадарстве.
Адары свет супакоем,
- няхай усюды пануе бяспека і згода.
Удзялі памерлым хвалы ўваскрашэння,
- зрабі, каб і мы былі ўдзельнікамі іх шчасця.
Ойча наш…
Малітва
У Адвэнце:
Усемагутны і міласэрны Божа, учыні, каб зямныя клопаты не перашкаджалі нам імкнуцца на сустрэчу з Тваім Сынам, але няхай звышнатуральная мудрасць фармуе нашыя справы і давядзе нас да з’яднання з Тваім Сынам. Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, праз усе вякі вечныя.
У перыед Божага Нараджэння:
Божа, Ты цудоўным спосабам стварыў чалавека і яшчэ больш надзвычайным спосабам аднаўляеш ягоную годнасць, дай нам удзел у Бостве Твайго Сына, які прыняў нашую чалавечую натуру. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
У Вялікім посце:
Божа, наш Збаўца, учыні, каб мы навярнуліся да Цябе і ўчыні нас здольнымі зразумець Твае запаведзі, каб саракадзённы час пакаяння перамяніў нашае жыццё. Праз Хрыста, Пана нашага.
У Велікодны перыяд:
Усемагутны вечны Божа, які праз пасхальную таямніцу паяднаў з сабою людзей і заключыў з імі Новы Запавет, учыні, каб нашыя ўчынкі згаджаліся з вераю, якую мы вызнаём. Праз Хрыста, Пана нашага.
У Звычайны Перыед:
Усемагутны Божа, выканай з бацькоўскай дабрынёй прагненні народу, што моліцца да Цябе: † дай яму пазнаць, што павінен рабіць, * і дай сілу да выканання пазнаных абавязкаў. Праз Хрыста, Пана нашага.
Абрад заканчэння
Калі прысутнічае святар ці дыякан:
С.: Пан з вамі.
Л.: І з духам тваім.
С.: Няхай вас благаславіць Бог Усемагутны: Айцец і Сын, і Дух Святы.
Л.: Амэн.
С.: Ідзіце ў супакоі Хрыста.
Л.: Дзякуем Пану Богу.
У іншых выпадках:
Няхай нас благаславіць Бог Усемагутны, сцеражэ ад усялякага зла і давядзе да жыцця вечнага. Амэн.